помнік сядзібна-паркавай архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст. ў г.п. Расоны Віцебскай вобл. Сядзібны дом пабудаваны памешчыкам Гласкам у стылі несапраўднай готыкі на беразе воз. Расона. Мураваны будынак складанай асім. аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі з рознавял. прамавугольных аб’ёмаў, гранёных эркераў, рызалітаў. Асн. 2-павярховы аб’ём завершаны ў цэнтры высокім ступеньчатым шчытом з люкарнай, да яго паўн. боку прылягае 3-ярусная вежа з поясам машыкуляў у завяршэнні, а паўд. — 1-павярховы аб’ём са ступеньчатым франтонам на тарцы. Аконныя праёмы, нішы і ліштвы маюць стральчатыя, паўцыркульныя і лучковыя арачныя завяршэнні. Фасады аздоблены рустам, аркатурай, фрызамі, гранёнымі вежачкамі з зубцамі.